БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ УНІВЕРСІТЭТ ІНФАРМАТЫКІ І РАДЫЁЭЛЕКТРОНІКІ
Кафедра беларускай і рускай моў ФДП і ПА
Рэферат на тэму:
«БІЛІНГВІЗМ. МОЎНАЯ ІНТЭРФЕРЭНЦЫЯ»
Мiнск, 2008
1. СУТНАСЦЬ І АСАБЛІВАСЦІ БІЛІНГВІЗМУ
Праблема моўнага жыцця ў нашай рэспубліцы сёння адносіцца да адной з найбольш актуальных і складаных. Разам з тым гэта праблема існуе не толькі ў нашай краіне, але і ў гісторыі суіснавання іншых народаў, іх культур і моў у шматнацыянальных краінах наогул.
Паводле даных Акадэміі навук Францыі, насельніцтва зямнога шара гаворыць не менш чым на 2796 мовах, якія аб^ядноўваюцца ў 11 вялікіх і каля 50 малых моўных груп, а ўсе, хто гаворыць на гэтых мовах, выкарыстоўваюць ад 7 да 8 тысяч дыялектаў. Нямецкія ж вучоныя сцвярджаюць, што сучасныя народы свету гавораць на мовах, колькасць якіх перавышае 4000, а ўсяго навуцы вядома каля 6000 жывых і мёртвых моў.
Стварэнне моўнай карты свету з кожным днём становіцца справай усё больш цяжкай, бо практычна на Зямлі няма аднамоўных краін і нават буйных гарадоў. Напрыклад, Лондан англійскія вучоныя называюць “лінгвістычным Вавілонам”, бо, паводле звестак міністэрства адукацыі Вялікабрытаніі, у ім гавораць на 147 мовах, хоць, зразумела, найбольш на англійскай. Тлумачыцца гэта тым, што выхадцы з былых брытанскіх калоній прывезлі з сабой і свае мовы.
Іншым прыкладам можа быць Швейцарыя: краіна такая ёсць, а мовы швейцарскай няма. На захадзе гэтай рэспублікі гавораць па-французску, на поўдні – па-італьянску, а ў большасці кантонаў – па-нямецку, прычым у кожным “нямецкім” кантоне свой дыялект (гл.: Маршэўская, 2003, 210).
Няма, як вядома, і амерыканскай мовы. Дзяржаўнай мовай 16 краін Паўднёвай і Цэнтральнай Амерыкі з^яўляецца іспанская мова. Дзве буйнейшыя дзяржавы Новага Свету (Злучаныя Штаты Амерыкі і Бразілія) – англа- і партугаламоўныя. Ні адна з краін Амерыкі не карыстаецца сваёй спрадвечнай мовай. Арабская мова стала мовай рада культурна розных народаў ад Індыйскага да Атлантычнага акіяна. Большасць былых калоній прыняла мову колішніх каланізатараў, а Індыя з яе надзвычай багатай культурай і вялікімі традыцыямі назвала англійскую мову адной з дзяржаўных. Нават у Старым Свеце, у Еўропе рад краін не мае сваёй спрадвечнай мовы. Няма мовы бельгійскай: у Фландрыі гавораць на фламандскай, а ў Валоніі – на французскай мове. У Аўстрыі карыстаюцца нямецкай мовай, у Люксембургу – нямецкай і французскай. Цікавае становішча склалася ў былой шматнацыянальнай Югаславіі, дзе Сербія, Харвація, Боснія, Герцагавіна і Чарнагорыя карыстаюцца адной мовай – сербахарвацкай. З другога боку, не толькі народы Шатландыі, Уэлса, якія ўваходзяць у склад Вялікабрытаніі, але і народ Ірландскай рэспублікі перайшоў на англійскую мову (гл.: Мартынаў, 1989, 13).
Зразумела, што зберажэнне сваёй спрадвечнай мовы і спрадвечнай культуры – факт пазітыўны, але ў рэальнай гісторыі чалавецтва ён хутчэй выключэнне, чым правіла. Народы свету знаходзяцца ў пастаянным кантакце адзін з адным, асабліва этнасы суседнія, якія часта маюць адну тэрыторыю пражывання або знаходзяцца ў складзе адной дзяржавы. Моўныя кантакты, якія дыктуюцца эканамічнымі, культурнымі і іншымі сувязямі, патрабуюць вывучэння і выкарыстання ў моўнай практыцы дзвюх і больш моў. Існуюць і іншыя матывы авалодвання дзвюма ці некалькімі мовамі (атрыманне адукацыі, патрэбы навуковай дзейнасці і г.д.).
Не з^яўляецца выключэннем і Рэспубліка Беларусь, таму што яна таксама ўяўляе сабой шматнацыянальную дзяржаву з шырока распаўсюджаным двухмоўем (білінгвізмам).
Звернемся, аднак, спачатку да азначэння паняцця двухмоўя. Згодна з У.Вайнрайхам, двухмоўе – гэта практыка папераменнага карыстання дзвюма мовамі. В.Д. Бандалетаў дае больш падрабязную характарыстыку двухмоўя. Параўн.: “Білінгвізм (лац. bi- два, lingua- мова) – гэта двухмоўе, г. зн. суіснаванне ў чалавека ці ва ўсяго народа дзвюх моў, звычайна першай – роднай, і другой – набытай”. Калі веданне дзвюх моў уласціва асобным членам соцыуму, то гэта індывідуальны білінгвізм, калі двухмоўнымі з^яўляюцца цэлыя групы, калектывы, то гаворка ідзе пра калектыўны білінгвізм, калі ж двухмоўе пашырана сярод усіх прадстаўнікоў нацыі, то гэта нацыянальны білінгвізм. Пры нацыянальным білінгвізме ў краіне афіцыйна прызнаюцца дзве дзяржаўныя мовы (у Беларусі – беларуская і руская, у Фінляндыі – фінская і шведская, у Канадзе – англійская і французская).
Калі дзве мовы ўжываюцца ізалявана адна ад другой (напрыклад, на працы – адна мова, дома – другая), то гаворка ідзе пра чысты білінгвізм, калі ж дзве мовы ўжываюцца ўперамешку (залежыць ад камунікатыўнай сітуацыі), то гэта змешаны білінгвізм. Змешаны ў сваю чаргу падзяляецца ў залежнасці ад ступені разумення носьбітам мовы няроднай мовы на рэцэптыўны (чалавек разумее другую мову, але не можа на ёй гаварыць), рэпрадуктыўны (чалавек разумее другую мову, аднаўляе тэкст) і прадуктыўны (чалавек разумее другую мову, аднаўляе тэкст і самастойна будуе на ёй сказы).
Індывідуальнае двухмоўе не абавязкова абазначае масавае двухмоўе, і, наадварот, нацыянальнае двухмоўе можа існаваць пры індывідуальным аднамоўі. Напрыклад, Швейцарыя – шматмоўная краіна, у якой дзяржаўнымі з^яўляюцца нямецкая, французская, італьянская і рэтараманская мовы. Аднак большасць жыхароў гэтай краіны валодаюць толькі якой-небудзь адной з названых вышэй моў (гл.: Лукашанец, 1989, 18-19).
Двухмоўе – з^ява складаная, шматбаковая. Яна можа разглядацца ў трох аспектах: псіхалагічным, педагагічным і сацыялінгвістычным.
Псіхалагічны аспект двухмоўя звязаны з асаблівасцямі псіхалагічнага складу індывіда, з яго разумовымі здольнасцямі, з праблемамі пераключэння з аднаго моўнага кода на другі.
Педагагічны бок двухмоўя закранае розныя аспекты навучання другой мове, у тым ліку і ўплыў адной мовы на працэс засваення другой.
Сацыялінгвістычны аспект грунтуецца на такіх параметрах, як:
- сфера выкарыстання першай і другой мовы;
- ступень авалодання мовамі;
- набор сацыяльна-функцыянальных кампанентаў моў, якія выкарыстоўвае двухмоўны індывід (літаратурная мова, дыялект, жаргон і г.д.)
- размеркаванне камунікатыўных функцый паміж мовамі;
- кантынгент ахопленых двухмоўем членаў соцыуму і шырыня выкарыстання другой мовы;
- ацэнка двухмоўнымі індывідамі ўласнага двухмоўя як сацыяльна-лінгвістычнага феномена.
На тэрыторыі Беларусі, як сведчаць шматлікія факты, розныя тыпы двухмоўя і нават шматмоўя заўсёды былі важнымі элементамі гісторыі беларускага народа. Так, у перыяд Вялікага княства Літоўскага існавала беларуска-царкоўнаславянскае пісьмовае і вуснае двухмоўе, якое ўзнікла яшчэ ў старажытнарускую эпоху. Значна мацней праяўлялася беларуска-польскае двухмоўе, што працягвалася амаль чатыры стагоддзі. Даволі адчувальным было таксама беларуска-лацінскае двухмоўе, уласцівае пераважна адукаваным колам насельніцтва. Практыкавалася беларуска-татарскае, беларуска-яўрэйскае, беларуска-літоўскае двухмоўе і інш. Што датычыцца беларуска-рускага двухмоўя, то ўмовы для яго зараджэння ўзніклі некалькі пазней, у канцы XVIII ст., калі пасля далучэння Беларусі да Расіі руская мова стала дзяржаўнай і на яе тэрыторыі (гл.: Булыка, 1989, 4).
Такім чынам, моўная сітуацыя на Беларусі ў пэўныя гістарычныя перыяды характарызавалася як шматмоўная.
Сучасная моўная сітуацыя на Беларусі характарызуецца пераважна суіснаваннем і выкарыстаннем беларускай і рускай моў і можа быць вызначана як беларуска-рускае двухмоўе. Нацыянальнае беларуска-рускае двухмоўе прадстаўлена:
- індывідуальным беларуска-рускім двухмоўем, калі побач з роднай беларускай мовай двухмоўны індывід выкарыстоўвае і рускую мову;
- руска-беларускім двухмоўем, калі побач з рускай мовай двухмоўны індывід выкарыстоўвае беларускую мову;
- індывідуальным беларускім ці рускім аднамоўем.
Побач з беларуска-рускім двухмоўем на тэрыторыі Беларусі ў месцах сумеснага пражывання беларусаў з палякамі, літоўцамі, латышамі, украінцамі існуе беларуска-польскае, беларуска-літоўскае, беларуска-латышскае, беларуска-ўкраінскае двухмоўе. Для небеларускага насельніцтва яно мае характар польска-беларускага, літоўска-беларускага, латышска-беларускага і г.д. Паколькі ў гэтых раёнах функцыянуе і руская мова, можна гаварыць, напрыклад, пра мясцовае беларуска-польска-рускае і г.д. шматмоўе.
Сёння і беларуская, і руская мовы выкарыстоўваюцца ў большасці важнейшых сфер, аднак у колькасных адносінах пераважае ўсё ж руская. Такое становішча ахарактарызаваў у свой час В. фон Гумбальт, які зазначыў, што “мова народа ёсць яго дух, а дух народа ёсць яго мова, і цяжка ўявіць сабе што-небудзь больш тоеснае”. У мове акумулюецца духоўная энергія народа. Яна з^яўляецца галоўнай адзнакаю і сімвалам нацыі. Мова – генетычны код нацыі, яна яднае мінулае з сучасным, праграмуе будучыню і забяспечвае быццё нацыі ў вечнасці.
2. МОЎНАЯ ІНТЭРФЕРЭНЦЫЯ І ЯЕ ВІДЫ
У сітуацыі двухмоўя ўзаемадзеянне моў, якія кантактуюць, прыводзіць да інтэрферэнцыі. Інтэрферэнцыя – (лац. inter “паміж”, ferens, ierentis “які нясе, пераносіць”) узаемадзеянне элементаў розных моўных сістэм ва ўмовах білінгвізму. Гэта ўзаемадзеянне выражаецца ў адхіленнях ад нормаў іншай мовы, міжвольным (несвядомым) перанясенні ў яе сістэму асаблівасцей роднай мовы. Узровень інтэрферэнцыі залежыць ад ступені авалодання другой мовай, ад умення свядома адрозніваць факты розных моў і інш. Беларуска-руская і руска-беларуская інтэрферэнцыя – з^ява даволі распаўсюджаная і закранае ўсе сферы моўнай сістэмы:
- фанетыку (фанетычная інтэрферэнцыя), калі, напрыклад, у рускай мове двухмоўнага індывіда сустракаюцца такія беларускамоўныя фанетычныя рысы, як цвёрдыя [р] і [ч] на месцы рускіх мяккіх [р^] і [ч^], дзеканне і цеканне, ярка выражанае аканне і г.д.;
- акцэнтуацыю (акцэнтная інтэрферэнцыя), калі двухмоўны індывід размаўляе, напрыклад, на беларускай мове, а выкарыстоўвае націск рускай мовы: за борт (замест за борт), гліняны (замест гліняны), адзінаццаць (замест адзінаццаць), спіна (замест спіна) і г.д.;
- лексіку (лексічная інтэрферэнцыя), калі білінгв, напрыклад, у беларускай мове ўжывае выразы тыпу васкрасенне (бел. нядзеля), благадару (дзякуй), ці калі білінгв у рускай мове ўжывае выразы тыпу Сегодня сильная завея (рус. метель);
- словаўтварэнне (словаўтваральная інтэрферэнцыя), калі білінгв ужывае словы, у якіх назіраецца несупадзенне словаўтваральных сродкаў, напрыклад, у рускім маўленні такімі інтэрферэмамі з^яўляюцца безлюдность (рус. безлюдие), атлетичный (атлетический), вишняк (вишенник), по-человечьи (по-человечески); ці ў беларускім маўленні білінгваў вымакшы (бел. вымаклы), ахрыпшы (ахрыплы), кантраліраваць (кантраляваць).
- марфалогію (марфалагічная інтэрферэнцыя), калі граматычнае афармленне рускіх і беларускіх лексем не адпавядае норме. Напрыклад, білінгв, гаворачы па-руску, можа няправільна ўжываць родавыя формы назоўнікаў (золотой медаль замест золотая медаль, порванный шинель замест порванная шинель), канчаткі назоўнікаў множнага ліку (озёры замест озёра, окны замест окна) і г.д.
- сінтаксіс (сінтаксічная інтэрферэнцыя), калі пры карыстанні рускай мовай білінгв уводзіць у яе сінтаксічныя канструкцыі беларускай мовы, напрыклад, дочкина сумка замест сумка дочери, сынов костюм замест костюм сына, смеяться с него замест смеяться над ним і г.д.
Блізкароднасны характар беларускай і рускай моў абумоўлівае шматлікасць і ўстойлівасць памылак пры маўленні ў той ці іншай мове. Аднак яны, як правіла, не ўплываюць на працэс разумення выказванняў як на беларускай, так і на рускай мовах. Таму праблема інтэрферэнцыі для беларуска-рускага двухмоўя стаіць, пераважна, як праблема культуры беларускай і рускай моў ва ўмовах двухмоўя.
3. СПЕЦЫФІЧНЫЯ РЫСЫ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ Ў ПАРАЎНАННІ З РУСКАЙ
Ва ўмовах масавага беларуска-рускага білінгвізму вельмі важна вызначыць тыя рысы, якімі характарызуецца беларуская мова ў параўнанні з рускай.
Марфалагічныя асаблівасці беларускай мовы
Пад марфалагічнай інтэрферэнцыяй разумеюцца факты адхілення ад граматычных норм роднай мовы.
1. Асноўнай прычынай адхіленняў ад нормы пры вызначэнні роду назоўнікаў з^яўляецца ўплыў рускай мовы, чаму спрыяе аднолькавая ці блізкая аформленасць слоў у роднасных мовах: бел. дроб, запіс, медаль, мазоль, накіп, насып, палын, перапіс, подпіс, сабака, стэп, шынель – мужчынскі род; рус. дробь, запись, медаль, мозоль, накипь, насыпь, перепись, собака, степь, шинель
– жаночы род; бел. настрой, яблык – мужчынскі род; настроение, яблоко – ніякі і г.д.
2. Адзначаюцца памылкі, абумоўленыя двухмоўнай сітуацыяй, у прыватнасці разыходжаннем лікавай прыналежнасці асобных назоўнікаў у беларускай і рускай мовах, напрыклад: назоўнікі грудзі, дзверы, каноплі, крупы ў беларускай мове не маюць формы адзіночнага ліку, а ў рускай мове адны (конопля, крупа) маюць форму толькі адзіночнага ліку, другія (грудь, дверь) – і адзіночнага і множнага ліку; у беларускай мове чарніла – адзіночнага ліку, у рускай мове чернила – множнага ліку.
3. Назоўнікі 2-га скланення ў Д. і М. склонах адзіночнага ліку і назоўнікі 1-га скланення ў М. склоне адзіночнага ліку маюць пасля мяккіх асноў канчатак –і: зямлі, пожні, у зямлі, на трамваі (рус. земле, в земле, на трамвае). У адзначаных склонах гэтай жа групы назоўнікаў з асновай на заднеязычныя, калі націск падае не на канчатак, гукі [г],[к],[х] чаргуюцца са свісцячымі [з], [ц], [с]: кніга – кнізе, эканоміка – эканоміцы, эпоха – эпосе (рус. книге, экономике, эпохе).
4. Назоўнікі мужчынскага роду на -а(-я) (з націскам на аснове) у Т. склоне адзіночнага ліку маюць канчатак -ам(-ем): са старастам, з дзядзькам, з Колем, з Сярожам, а ў Д. і М. склонах адзіночнага ліку канчатак -у(-ю): аб Васілю, дзядзьку, дацэнту.
5. У Н. склоне множнага ліку назоўнікі 2-га скланення маюць канчаткі -ы, -і: палі, лясы, гарады, азёры, вокны.
6. Адсутнасць чаргаванняў на канцы асноў назоўнікаў 2-га скланення ў адзіночным і множным ліку: брат – браты, сын – сыны. Параўн. рус.: брат – братья, сын – сыновья.
7. Наяўнасць у назоўніках жаночага і ніякага роду ў Р. склоне множнага ліку канчаткаў -аў(-яў): брытваў, кафедраў, сенажацяў, постацяў, палёў (рус.: бритв, кафедр, полей).
8. Адсутнасць й у формах Н. склону адзіночнага ліку прыметнікаў і слоў, якія скланяюцца, як прыметнікі: сіні, вялікі, напісаны, некаторы, самы, шосты (рус.: синий, большой, написанный, некоторый, самый, шестой).
9. Утварэнне формы вышэйшай ступені параўнання якасных прыметнікаў з дапамогай суфіксаў -эйш(-ейш), -ш: вышэйшы, важнейшы, слабейшы, большы (рус.: выше, важнее, слабее, больше).
10. Непрадуктыўнасць кароткіх формаў прыметнікаў і абмежаванае ўжыванне кароткіх дзеепрыметнікаў, адсутнасць зваротных дзеепрыметнікаў. Параўн. бел.: План выкананы, рус.: План выполнен. Рус. “занимающийся”, “изменившийся” ў беларускай мове адпавядае “які займаецца”, “які змяніўся”.
11. У формах мужчынскага і ніякага роду займеннікаў мой, твой, свой, чый у Р. і Д. склонах адзіночнага ліку адсутнічае літара е ў канчатках: майму, твайму, свайму, майго, твайго, свайго.
12. Лічэбнікі паўтара, паўтары нескланяльныя.
13. Лічэбнікі два, дзве маюць асобныя формы ва ўсіх склонах: двух – дзвюх, двум – дзвюм, двума – дзвюма.
14. Лічэбнік дзевяноста мае адну нязменную форму; у рускай мове ён мае дзве формы – девяносто і девяноста.
15. Чаргаванне заднеязычных г, к з шыпячымі ж, ч пры спражэнні дзеясловаў загаднага ладу: лягу – ляж – ляжце, пяку – пячы – пячыце (рус.: лягу – ляг – лягте, пеку – пеки – пеките).
16. Дзеепрыслоўі незакончанага трывання ўтвараюцца з дапамогай суфіксаў -учы(-ючы), -ачы(-ячы) ад асноў любога дзеяслова цяперашняга часу: лятаючы, аплочваючы, забягаючы, просячы (рус.: летая, оплачивая, забегая, прося).
4. СІНТАКСІЧНЫЯ АСАБЛІВАСЦІ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ
Душою мовы, яе “алгебраю” з^яўляецца граматыка. Яна выяўляе нацыянальны характар мовы, яе своеасаблівасць. Граматыка – гэта сістэма правіл паяднання слоў у маўленні, іх змянення, што абумоўлена патрэбамі гэтага паяднання.
Граматыка, у адрозненні ад іншых раздзелаў мовазнаўства, характарызуецца большай непранікальнасцю для іншамоўных уплываў. Аднак парушэнне граматычнай будовы больш балюча адбіваецца на мове, чым пранікненне ў мову чужаземных слоў.
Сінтаксіс (як раздзел граматыкі) вывучае віды сувязей, на аснове якіх арганізуюцца словазлучэнні і сказы. Словы ў словазлучэннях звязаны паміж сабой падпарадкавальнай сувяззю дапасавання, прымыкання і кіравання.
Дапасаванне – такі від сувязі, пры якім залежнае слова набывае формы роду, ліку і склону, уласцівыя галоўнаму слову. Дапасуюцца да назоўнікаў прыметнікі, парадкавыя лічэбнікі, займеннікі, дзеепрыметнікі: школьныя гады, на трэцім паверсе, твой гонар, высушанае сена.
Прымыканне – такі від сувязі, пры якім залежнае слова звязваецца з галоўным па сэнсе. Прымыкаюць звычайна нязменныя словы і формы –прыслоўі, дзеепрыслоўі, інфінітыў: зрабіць сумленна, есці стоячы, уменне працаваць.
Пры кіраванні залежнае слова ўжываецца ў форме пэўнага ўскоснага склону: берагчы лес, сустрэцца з ёю. Кіраванне бывае прыназоўнікавае: убачыцца з сябрам, ісці з лесу і беспрыназоўнікавае: збіраць суніцы, глядзець спектакль.
У падпарадкавальнай сувязі не знаходзяцца і не з^яўляюцца словазлучэннямі:
1) дзейнік і выказнік;
2) аднародныя члены сказа;
3) службовыя часціны мовы.
Найбольш пашырана і ўстойліва ўздзеянне рускай мовы выяўляецца ў канструкцыях кіравання, для якіх характэрны шэраг спецыфічных рыс. Адзначым некаторыя з іх.
1. Дзеясловы ветлівасці дзякаваць, падзякаваць, аддзячыць, прабачыць, выбачаць, дараваць – спалучаюцца ў беларускай мове з назоўнікамі давальнага склону: дзякаваць сястры, дараваць сябру, прабачце мне. У рускай мове адпаведныя дзеясловы кіруюць вінавальным склонам: благодарить сестру, простить товарища, извините меня.
2. Дзеясловы жартаваць, смяяцца, насміхацца, кпіць, здзекавацца, цешыцца, дзівіцца, глуміцца, рагатаць кіруюць родным склонам з прыназоўнікам “з”: жартаваць з дзіцяці, насміхацца з сяброўкі, а адпаведныя рускія дзеясловы – творным з прыназоўнікам “над”: шутить над ребёнком, смеяться над сестрой.
3. Дзеясловы руху ісці, бегчы, ехаць, плыць, ляцець і інш. і волевыяўлення паслаць, выправіць, адправіць, калі яны маюць мэтавае значэнне, кіруюць назоўнікамі вінавальнага склону з прыназоўнікам “па”: ісці па ваду, паслаць па сястру. Калі названыя дзеясловы спалучаюцца з назоўнікамі – назвамі ягад, грыбоў і словамі ягады, грыбы, то гэтыя назоўнікі ўжываюцца таксама ў вінавальным склоне, але з прыназоўнікам “у”: ісці ў суніцы, адправіць у грыбы. У рускай мове ў абодвух выпадках – идти за водой, послать за сестрой, отправить за грибами.
У беларускай мове канструкцыі пайсці за вадой, бегчы за сястрой паказваюць не на мэту дзеяння, а на кірунак, напрамак (пайсці за вадой – пайсці па цячэнні ракі, бегчы за сястрой – бегчы ўслед).
4. Дзеясловы са значэннем дзеяння ці стану (хадзіць, лятаць, сустракацца, бачыцца і пад.) кіруюць месным склонам назоўнікаў з прыназоўнікам “па”: хадзіць па вечарах, лятаць па начах, бачыцца па суботах, сустракацца па выхадных. У рускай мове адпаведныя дзеясловы патрабуюць ад залежнага слова давальнага склону з прыназоўнікам “по”: ходить по вечерам, летать по ночам, видеться по субботам, встречаться по выходным.
5. Дзеясловы маўлення, думкі, пачуцця (гаварыць, шаптаць, думаць, непакоіцца, клапаціцца, хвалявацца і інш.) звычайна кіруюць назоўнікамі вінавальнага склону з прыназоўнікам “пра”: гаварыць пра надвор^е, думаць пра вясну, клапаціцца пра бацькоў. У рускай мове адпаведныя дзеясловы кіруюць месным склонам з прыназоўнікам “о(об)”: говорить о погоде, думать о весне, беспокоиться о родителях.
6. У словазлучэннях з галоўным словам – прыметнікам ці прыслоўем у форме вышэйшай ступені параўнання залежнае слова ўжываецца ў вінавальным склоне з прыназоўнікам “за”: большы за яго, старэйшы за сястру, хутчэй за ўсіх. У рускай мове ў такіх словазлучэннях залежнае слова мае форму роднага склону без прыназоўніка: больше его, старше сестры, быстрее всех.
7. Дзеясловы ажаніць, ажаніцца патрабуюць творнага склону з прыназоўнікам “з”: ажаніўся з Таняю, ажанілі з нялюбай. У рускай мове гэтым словазлучэнням адпавядаюць словазлучэнні з назоўнікамі меснага склону з прыназоўнікам “на”: женился на Тане, женили на нелюбимой.
8. У беларускай мове больш пашыраны аднасастаўныя няпэўна-асабовыя сказы. Напр.: бел. Дом пабудавалі – рус. Дом построен.
9. Лічэбнікі два, тры, чатыры спалучаюцца з назоўнікамі ў назоўным склоне множнага ліку: два дакументы, тры пастановы, чатыры банкі (рус.: два документа, три постановления, четыре банка).
10. Значэнне прыналежнасці ў беларускай мове выражаецца значна часцей, чым у рускай мове, прыналежнымі прыметнікамі: мужаў аўтамабіль, дырэктараў дом (рус.: автомобиль мужа, дом директора).
ЛІТАРАТУРА
1. Азарка В.У., Васілеўская А.С., Круталевіч М.М. Беларуская мова: спецыяльная лексіка. – Мн.: БДПУ, 2004. – 207 c.
2. Антанюк Л.А. Беларуская навуковая тэрміналогія: Фарміраванне, структура, упарадкаванне, канструяванне, функцыяніраванне. – Мн.: Навука і тэхніка, 1987. – 240 с.
3. Беларуская мова: У 2 ч.: Ч 1: Падруч. для навучэнцаў педвучылішчаў і каледжаў / Я.М. Адамовіч, Л.А. Акаловіч, С.К. Берднік і інш.: Пад агульн. рэд. Л.М. Грыгор^евай. – 3-е выд., перапрац. і дап. – Мн.: Выш. шк., 1998. – 330 с.
4. Булыка А.М. Моўная сітуацыя ў БССР. Беларуская лінгвістыка, выпуск № 36, – Мн., 1989. – С. 3-10.
5. Булыка А.М. Слоўнік іншамоўных слоў. – Мн.: Народная асвета, 1993. – 398 с.
6. Булыка А.М. Слоўнік іншамоўных слоў: У 2 т. Т. 1: А-Л – Мн.: БелЭН, 1999. – 736 с.
7. Булыка А.М. Слоўнік іншамоўных слоў: У 2 т. Т. 2: М-Я – Мн.: БелЭН, 1999. – 736 с.
8. ГОСТ 16487083. Делопроизводство и архивное дело. Термины и определения. М. 1987.
9. Давыдова Э.Н. Делопроизводство: Учебно-практическое руководство / Э.Н. Давыдова, А.Е. Рыбаков. – 6-е изд., стереотип. – Мн., ТетраСистемс, 2002, – 288 с.
10. Доклады Белорусского государсвтенного университета информатики и радиоэлектроники: Электроника, материалы, технологии, информатика, экономика и управление. – Мн., 2005. - № 4, – 100 с.
11. Каўрус А.А. Дакумент па-беларуску. Справаводства. Бухгалтэрыя. Рыначная эканоміка. – Мн.: Беларусь, 1994. – 160 с.
12. Квасов Н.Т. Элементы квантовой механики и статистической физики: Учеб. пособие по курсу «Физика» для студ. всех спец. и форм обуч. БГУИР / Н.Т. Квасов. – Мн.: БГУИР, 2004. – 63 с.: ил.